Архив новостей

01.06.2017
Для 145 тысяч вучняў 9 і 11 класаў беларускіх школ прагучалі апошнія званкі

  Для 145 тысяч вучняў 9 і 11 класаў беларускіх школ прагучалі апошнія званкі. У вольнае плаванне адправіла выпускнікоў і сярэдняя школа № 59 Мінска.

  Са сцены сталічнай школы ў дарослае жыццё адправіліся вучні двух адзінаццатых і пяці дзявятых класаў. Яны прымалі пажаданні ад усіх тых, хто стаў ім за гады вучобы такім родным: настаўнікаў, сяброў і кіраўніцтва школы. 

  Сказаць свае прывітальныя словы выпускнікам прыйшлі і ганаровыя госці — намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса Сідарэнка і старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык.

  "Дарагія выпускнікі! Апошні званок — асаблівае свята, у якім пераплятаюцца і лёгкі сум, і ўрачыстасць. Шмат зроблена за гады вучобы вашымі настаўнікамі, якія ўвесь гэты час рыхтавалі вас да дарослага жыцця. І зараз ужо ад вас залежыць будучыня вашай сям’і, вашых бацькоў, вашай школы і вашай краіны", - звярнулася да выпускнікоў намеснік міністра адукацыі. 

  Раіса Сідарэнка дала добры наказ: "Заўсёды будзьце ўпэўнены: дзверы школы для вас гасцінна адчынены. Вазьміце ў дарослае жыццё адчуванне таго, што вам тут увесь час рады і чакаюць не толькі на вечары сустрэч выпускнікоў, але і проста ў госці. Спадзяюся, вашы партрэты і матэрыялы пра вас абавязкова з’явяцца ў школьным музеі алімпійскай славы, якім ганарыцца школа. Са святам надзеі, аптымізма, веры ў будучыню!"

  Для дырэктара навучальнай установы Наталлі Чухманавай сёлетні выпуск - першы на пасадзе дырэктара, таму для яе гэта свята ўдвая хвалюючае. За вернасць педагагічным ідэям і высокі прафесіяналізм дырэктар падзякавала і настаўнікам навучальнай установы: "Вы як заўсёды незаўважна хаваецеся за сваімі вучнямі, але я добра ведаю, колькі ведаў і ўменняў вы ўкладваеце ў сваіх выхаванцаў. Папутнага ветру нашаму вялікаму караблю! Са святам апошняга школьнага званка і першага званка дарослага жыцця!"

  Галоўныя героі мерапрыемства атрымалі вершаваныя пажаданні і ад першакласнікаў. Па добрай традыцыі школы абмяняліся з імі падарункамі і разам далі апошні школьны званок.

  Пасля ўрасчыстасцей ганаровых гасцей мерапрыемтва запрасілі ў школьны музей спартыўнай славы “Зорны Алімп”, дзе пазнаемілі з экспазіцыяй і расказалі, як патэнцыял алімпійскага музея паспяхова выкарыстоўваецца ў выхаванні школьнікаў.

  Напрыклад, у рамках школьных навуковых чытанняў навучэнцы распрацавалі праект, у якім супаставілі алімпійскія і агульнаграмадскія каштоўнасці і прыйшлі да высновы, што яны будуюцца на адных і тых жа прынцыпах. Элементы алімпізма настаўнікі стараюцца прымяняць на кожным уроку. 

  Школа развівае супрацоўніцтва з беларускай алімпійскай акадэміяй, алімпійскім камітэтам.

Навіна прадстаўлена - Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь