Архив новостей

04.05.2017
Бязмежная інтэрнэт-прастора — для адукацыйных мэт

  У сталіцы падведзены вынікі конкурсу "Адукацыйныя інтэрнэт-гарызонты", які праводзіўся з мэтай удасканалення інфармацыйнага сегмента адукацыйнай інтэрнэт-прасторы Мінска, павышэння іміджу і прэстыжу інтэрнэт-рэсурсаў педагогаў. Узнагароджанне пераможцаў прайшло днямі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама.

Вопыт, дастойны распаўсюджвання

  Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Спаборніцтвы праходзілі ў вочна-завочнай форме ў два этапы: завочны (дыстанцыйны) і заключны (вочны).

  Конкурс праводзіўся па шасці намінацыях: "Лепшы сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы" (прадстаўляліся сайты ўстаноў адукацыі, якія адлюстроўваюць асноўныя напрамкі дзейнасці ідэалагічнай і выхаваўчай работы, мадэль ці сістэму работы з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, яе метадычнае суправаджэнне, арганізацыю работы ў шосты школьны дзень, узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі і г.д.), "Лепшы адукацыйны тэматычны сайт" (сайты педагогаў, групы педагогаў, якія распрацаваны і дзейнічаюць на CMS "Web.Perspective" (minsk.edu.by), "Лепшы адукацыйны блог", "Лепшы віртуальны музей", "Лепшы дыстанцыйны курс", "Лепшы адукацыйны відэаўрок" (аўтарскія відэаўрокі педагогаў па вучэбных прадметах для 5—11 класаў у фарматах avi, mpeg).

У сістэме Moodle

  Дыстанцыйны курс "Паглыбленне ведаў па матэматыцы" для 6 класа прадставіла настаўніца матэматыкі гімназіі № 27 Вольга Іванаўна Шалкоўская. Як расказала педагог, 55 вучняў 6-х класаў зарэгістраваны ў сістэме Moodle і рэгулярна працуюць у ёй.

  — Увесь вучэбны матэрыял падзелены на блокі ў адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем. У пачатку кожнага блока выкладзены графік правядзення асноўных пісьмовых работ. Такі від інфармавання дапамагае навучэнцам своечасова рыхтавацца да гэтых работ, у тым ліку псіхалагічна. Усе матэрыялы, якія дэманструюцца на ўроку, рэгулярна публікуюцца ў адпаведным раздзеле курса. Навучэнцы заўсёды маюць магчы-масць іх праглядзець і прапрацаваць. Па шэрагу параграфаў праводзяцца самастойныя работы вучэбнага характару.

  Для вучняў, якія прапускаюць вучэбныя заняткі, заўсёды ёсць магчымасць быць у курсе падзей, якія адбываюцца на ўроку. Педагог як цьютар курса мае магчымасць аналізаваць паспяховасць кожнага навучэнца. Для выяўлення праблем у засваенні ведаў па вывучанай тэме і правядзенні іх карэкцыі выкарыстоўваецца табліца аналізу пытанняў.

  Для работы з навучэнцамі, якія цікавяцца рашэннем нестандартных і алімпіядных задач, на працягу навучальнага года Вольга Іванаўна штотыднёва праводзіць конкурс "Марафон задач". На факультатыве разбіраюцца метады і прыёмы рашэння задач пэўнага тыпу. У суботу ці ў нядзелю дыстанцыйна праходзіць тэсціраванне па вывучанай тэме. Затым падводзяцца вынікі, называюцца імёны лепшых навучэнцаў, публікуюцца ўмовы і рашэнні прапанаваных задач.

  — Дыстанцыйны курс дазволіў мне арганізаваць навучанне на новым якасным узроўні і дасягнуць стабільных вынікаў — паспяховасць вучняў павысілася. Выкарыстанне дыстанцыйных форм навучання станоўчым чынам уплывае на вучэбную матывацыю дзяцей. Вучні з ахвотай і жаданнем прымаюць удзел у алімпіядах і конкурсах, — падкрэслівае В.І.Шалкоўская.

Бацькоўскі клуб

  Педагог-псіхолаг гімназіі № 27 Вольга Аляксандраўна Іванашка распрацавала інтэрнэт-рэсурс "Бацькоўскі клуб "Кампетэнтнасць", за які адзначана дыпломам ІІ ступені.

  — Сучасны свет — гэта свет хуткасцей. Мы спяшаемся, імкнёмся стаць паспяховымі ў прафесійнай дзейнасці, каб забяспечыць сабе і сваім дзецям дастойнае жыццё. Але ў нашым жыцці ёсць яшчэ адна вельмі важная роля, якая з намі ідзе па жыцці. Мы — бацькі. Безумоўна, сям’я ў галіне духоўнасці, маральнасці, культуры зносін аказвае на дзіця вялікі ўплыў, але ў сем’ях, дзе працуюць бацькі, выхаванню дзяцей удзяляецца не больш за 1—2 гадзіны ў суткі. У многіх бацькоў адсутнічаюць уяўленні аб выхаваўчым працэсе, у асноўным ён ажыццяўляецца стыхійна. Бацькоўству, як і прафесіі, важна вучыцца, — адзначае Вольга Аляксандраўна. — Блог "Бацькоўскі клуб "Кампетэнтнасць" быў распрацаваны з мэтай павышэння выхаваўчага патэнцыялу сям’і. Сярод яго задач — стварыць адзіную інфармацыйную прастору, даступную для кожнага з бацькоў, ініцыіраваць віртуальнае ўзаемадзеянне для наступных зносін па-за межамі інтэрнэту, фарміраваць псіхолага-педагагічную культуру бацькоў.

  Блог уяўляе сабой віртуальную прастору з пэўнай структурай пабудовы. Асноўныя старонкі прадстаўлены ў выглядзе 10 раздзелаў. У якасці асяроддзя распрацоўкі быў выбраны web-сэрвіс Blogger.

  На галоўнай старонцы блога рэгулярна публікуюцца гарачыя навіны. У раздзеле "Навігатар сямейнага выхавання" размяшчаюцца артыкулы на самыя розныя тэмы, якія хвалююць у выхаванні дзяцей: "Як перамагчы сарамлівасць дзіцяці?", "Як дзіцяці дапамагчы адаптавацца да вучобы ў гімназіі?" і інш. На старонцы "Парады на кожны дзень" бацькі могуць атрымаць рэкамендацыі, якія абавязкова спатрэбяцца ў штодзённых зносінах (як арганізаваць рэжым дня, што рабіць, калі падлетак раздражнёны і г.д.). Калі наспела праблема, а ў школу прыйсці не атрымліваецца, для бацькоў прапанавана інтэрнэт-прыёмная "Віртуальная паштовая скрыня даверу". Таксама бацькі могуць звярнуцца па кансультацыю па Skype. Свае пытанні, водгукі, пажаданні бацькі могуць пакідаць у "Гасцявой кнізе". Парады і практычныя практыкаванні па ўмацаванні здароўя, прафілактыцы захворванняў прапаноўваюцца ў раздзеле "Віртуальны кабінет здароўя".

  — Кожны наведвальнік інтэрнэт-рэсурсу, падпісаўшыся на яго абнаўленні, можа сачыць за блогам і атрымліваць паведамленні праз электронную пошту аб новых матэрыялах. Актыўныя спасылкі паведамленняў дазваляюць мабільна і аператыўна азнаёміцца з прапанаваным матэрыялам ці анкетай. Дарэчы, прыемна адзначыць, што рэйтынг наведвальнасці блога сведчыць аб яго запатрабаванасці, — гаворыць Вольга Аляксандраўна.

Відэаўрокі Pascal

  Педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 111 Аляксандр Аляксандравіч Сінкевіч прадставіў на конкурс відэаўрокі Pascal для вучняў 6—7 класаў. "Часам мы чуем ад школьнікаў, што Pascal — гэта сумна і нецікава. На самай справе мова Pascal — гэта свайго роду табліца множання для ўсіх, хто хоча адчуць смак праграмавання. Лёгкая і зразумелая, яна становіцца асновай для асваення ўсіх іншых моў праграмавання, — заўважае Аляксандр Аляксандравіч. — На занятках камп’ютарнага гуртка ва ўстанове адукацыі, а таксама ў "Школе камп’ютарнай дасведчанасці Comp-As" мы выкладаем Pascal для дзяцей. І вось у суаўтарстве з маёй жонкай — інжынерам-праграмістам Ганнай Аляксандраўнай — мы і распрацавалі праект "Бясплатныя відэаўрокі Pascal", каб дапамагчы школьнікам пераканацца, што праграмаванне — гэта цікава і захапляльна! Відэаўрокі распрацаваны згодна са школьнай праграмай. Іх вельмі зручна выкарыстоўваць як на занятках пры тлумачэнні новага матэрыялу, так і для самастойнага навучання школьнікаў. І тыя вучні, хто па пэўнай прычыне прапусціў урокі ў школе, змогуць засвоіць матэрыял і не адстаць ад равеснікаў".

Быць у трэндзе

  Распрацоўкі ясляў-сада № 239 сталі пераможцамі адразу ў дзвюх намінацыях: "Лепшы сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы" і "Лепшы адукацыйны тэматычны сайт".

  — Устойлівае развіццё — гэта бесперапынны рух наперад. Афіцыйны сайт нашай установы ўжо неаднаразова быў адзначаны на гарадскім і рэспубліканскім узроўнях, разам з тым на гэты конкурс мы прадставілі афіцыйны сайт як рэсурс выхаваўчай работы, — адзначае загадчыца ясляў-сада Таццяна Аляксандраўна Кузьміч. — Для нас гэта ў першую чаргу мадэль работы з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Гэта сучасны прэзентабельны і функцыянальны сайт. На конкурсе мы прадэманстравалі новую версію абноўленага інтэрнэт-прадукту, у якім імкнуліся прымяніць свежыя трэнды: поўнаэкраннае меню з выразнымі фотаздымкамі, эфектную заліўку кнопак, буйныя іконкі; павялічылі вертыкальную прастору, вышыню старонак. Безумоўна, гэта яшчэ і змястоўнае напаўненне сайта; вэб-праекты выхаваўчай накіраванасці "Кузька в дом — счастье в нём"; "Наша вялікая сям’я", "Старонкі поспеху"; наладжаная сістэма дыстанцыйнай работы з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў; узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі.

Пляцоўка бяспекі

  Тэма бяспекі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ясляў-сада № 239, а з адкрыццём у 2016 годзе рэсурснага цэнтра ўстанова набыла статус, вызначаны адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі. Таму быў распрацаваны тэматычны сайт "Ты к нам в окна загляни — безопасность изучи". Мэта яго стварэння — прадстаўленне дзейнасці рэсурснага цэнтра ў інтэрнэт-супольнасці, прыцягненне ўвагі грамадскасці да пытанняў фарміравання культуры бяспечных паводзін у дзяцей праз інтэрнэт-рэсурсы.

  Па словах Т.А.Кузьміч, асаблівай увагай карыстаюцца матэрыялы раздзела "Жывы эфір", дзе ў рэжыме жывога запісу бацькі могуць праслухаць ролікі выратавання дзяцей, якія ў тым ліку трапляюць у экстрэмальныя сітуацыі па віне дарослых. Актыўна размяшчаюцца на сайце сацыяльныя відэаролікі, створаныя супрацоўнікамі аддзела прапаганды і сацыякультурнай дзейнасці МНС Рэспублікі Беларусь, клуба "Аўтамотатурызм". На сайце ёсць і ўласныя відэапрадукты ўстановы. Менавіта такая падача матэрыялу, у якой прымаюць удзел самі дзеці, гуляючы, у нязмушанай атмасферы дапаможа выхаванцам лепш запомніць і прымяніць атрыманыя веды ў экстрэмальнай сітуацыі.

  — Сёння тэматычны сайт выступае пасрэднікам паміж бацькоўскай грамадскасцю і службамі выратавання, арганізоўвае дыстанцыйную асвету і навучанне бацькоў, якое не прывязана да канкрэтнага часу і месца. Гэта пляцоўка, дзе мы асвятляем сумесныя з сацыяльнымі партнёрамі праекты, мерапрыемствы, акцыі, — каменціруе Таццяна Аляксандраўна. — Лічым, што стварэнне тэматычнага сайта рэсурснага цэнтра дазволіла ўкараніць новыя формы арганізацыі работы з бацькамі і соцыумам па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці. Работа з інтэрнэт-рэсурсам стымулюе кіраўніцтва РЦ да пастаяннага абнаўлення змястоўнага напаўнення банка інфармацыйна-метадычных матэрыялаў, да ўдасканалення адукацыйнай і выхаваўчай работы з дзецьмі. І ў канчатковым выніку дазволіць прапагандаваць вопыт работы педагагічнага калектыву не толькі на раённым, але і на гарадскім узроўні.

***

  Работы пераможцаў конкурсу будуць рэкамендаваны да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе "Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт".

Навіна прадастаўлена - Выданне асветнікаў "Настаўніцкая газета"