Архив новостей

12.09.2018
У Верхнім горадзе прайшло адкрыццё Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

  Напэўна, яшчэ ніколі гістарычны цэнтр Мінска не напаўняўся адначасова такой колькасцю шчырых дзіцячых усмешак, радаснага дзіцячага смеху і гучных дзіцячых воклічаў здзіўлення, захаплення, як у аўторак 4 верасня. У гэты дзень у Верхнім горадзе прайшло ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сімвалічна, што ў юбілейную, 100-ю, гадавіну айчыннай сістэмы дадатковай адукацыі менавіта сталіца нашай краіны прымала гасцей з усіх рэгіёнаў.

  На некалькі гадзін у Верхнім горадзе размясціўся незвычайны горад дадатковай адукацыі, горад у горадзе. На імправізаваных пляцоўках (плошча дзяцінства, інтэлектуальны лабірынт, гульнявое перакрыжаванне, піянерскі праспект і інш.), размешчаных вакол ратушы і на вулачках Старога горада, можна было азнаёміцца з сакрэтамі стварэння гліняных вырабаў, навучыцца плесці з чароту і саломкі кошыкі і дзівосныя фігуркі, асвоіць тэхніку вязання турыстычных вузлоў, паспрабаваць свае сілы ў квест-гульні, сыграць партыю ў шахматы, праверыць веды па гісторыі Мінска, паслухаць выступленні творчых калектываў, нарэшце, патанцаваць, паскакаць, проста паўсміхацца шматлікім гасцям незвычайнага горада ў горадзе.

  "Сустрэча прафесіяналаў, людзей, якія жывуць адной ідэяй, — гэта заўсёды свята. Менавіта такім святам з’яўляецца адкрыццё Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Кожнае трэцяе дзіця школьнага ўзросту ў краіне займаецца ў тым ці іншым аб’яднанні па інтарэсах. Нам вельмі хочацца, каб як мага больш навучэнцаў наведвалі заняткі ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сэнс нашай дзейнасці — стварыць усе ўмовы для таго, каб кожнае дзіця змагло рэалізаваць свае асаблівасці, таленты, здольнасці, знайшло сябе ў жыцці. Гавораць, што сёння дзеці вельмі загружаны, а тут на іх лажыцца яшчэ адна нагрузка ў выглядзе дадатковай адукацыі. На самай справе, гэта тая аддушына, дзякуючы якой нашы вучні набіраюцца сіл, каб потым прыходзіць на заняткі ў школу. Правядзенне рэспубліканскага тыдня дазваляе вырашыць яшчэ і прафесійную мэту, наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, азнаёміцца з вопытам работы калег. Сістэма дадатковай адукацыі — гэта тая сістэма, якая павінна развівацца, таму мы ўвесь час павінны шукаць новыя формы работы з моладдзю, новыя тэмы, яркія, сучасныя. Таксама нам трэба вучыцца і ад выхаванцаў", — адзначыла намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка падчас урачыстага адкрыцця тыдня ў мінскай ратушы.

  У эпоху інавацый і камп’ютарных тэхналогій роля дадатковай адукацыі ў жыцці сучасных дзяцей набывае асаблівую значнасць. Тут яны атрымліваюць магчымасць самастойна набываць асноўныя жыццёвыя кампетэнцыі, вызначаць свой асабісты адукацыйны і прафесійны шлях. Традыцыйна Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праходзіць у пачатку навучальнага года. Яго галоўная мэта — сфарміраваць пазітыўнае грамадскае меркаванне аб ролі дадатковай адукацыі ў сістэме адукацыі ў цэлым. Па словах старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыі Станіславаўны Кіндзірэнка, пачатак навучальнага года і Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — гэта два святы, звязаныя паміж сабой, паколькі асноўная адукацыя і дадатковая нераздзельныя. Слова “дадатковая” нават не зусім адпавядае таму ўнутранаму зместу, стану душы людзей, якія працуюць у гэтай сістэме.

  — Мы не сумняваемся, што ў 22 установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сталіцы, у якіх дзейнічае больш за 6 тысяч гурткоў і секцый рознай накіраванасці і якія наведваюць больш за 80 тысяч юных мінчан, працуюць суперпрафесіяналы, самыя крэатыўныя, добрыя, цікавыя людзі, Педагогі з вялікай літары. Гэта тыя педагогі, якія могуць захапіць і павесці за сабой. Сустракаць калег заўсёды хвалююча, таму мы пастараліся прэзентаваць свой лепшы вопыт і акунуць усіх у тую атмасферу дабрыні і цеплыні, якая пануе ва ўстановах дадатковай адукацыі сталіцы. Мы вельмі чакалі гэтай сустрэчы і спадзяёмся на плённае і цеснае ўзаемадзеянне не толькі ў рамках адкрыцця тыдня, але і на працягу ўсяго навучальнага года. Мы рады падзяліцца напрацаваным і навучыцца таму, што напрацоўваеце вы, — адзначыла Марыя Станіславаўна.

  А падзяліцца сталічным педагогам дадатковай адукацыі было чым. Раніцай гасцей прымаў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, днём віравала жыццё незвычайнага горада дадатковай адукацыі, пасля абеду прайшла канцэпт-прэзентацыя маладзёжных субкультур на базе маладзёжнага цэнтра вулічнай культуры і спорту "ProКач" (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Вікторыя" Партызанскага раёна), а ў Цэнтры "Кантакт" Цэнтральнага раёна гасцей чакала канцэртная праграма ад лепшых творчых калектываў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска.

  Супрацоўніцтва абавязкова працягнецца. Педагогі дадатковай адукацыі выдатна ведаюць, што, толькі аб’яднаўшы намаганні, можна дапамагчы дзіцяці раскрыць яго таленты і выбраць правільную жыццёвую дарогу.

Падрабязней на сайце газеты "Настаўніцкая газета"

Фота Алега ІГНАТОВІЧА